Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Малдове на 7 гадоў пазбаўленьня волі асудзілі кіраўніцу Гагаузіі, якая прасіла Пуціна дапамагчы яе вызваліць


Сьвятлана Папан і Яўгенія Гуцул на абвяшчэньні выраку ў судзе 5 жніўня 2025 году
Сьвятлана Папан і Яўгенія Гуцул на абвяшчэньні выраку ў судзе 5 жніўня 2025 году

Суд у Малдове асудзіў кіраўніцу Гагаузіі Яўгенію Гуцул на 7 гадоў пазбаўленьня волі і кампэнсацыю дзяржаве ў памеры 40 мільёнаў леяў (прыблізна 2,3 мільёны даляраў у эквіваленце. — РС), якія нібыта былі выкарыстаны для незаконнага фінансаваньня партыі «Шор».

Як паведаміла Малдоўская служба Радыё Свабода, яе ўзялі пад варту ў зале суда.

Другую абвінавачаную па гэтай справе, якая, як і Гуцул, была сакратаром у партыі «Шор», — Сьвятлану Папан асудзілі на 6 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй 9 мільёнаў леяў (паўмільёна даляраў у эквіваленце. — РС).

Адвакаты заявілі аб намеры абскардзіць вырак.

Што папярэднічала

Яўгенію Гуцул арыштавалі сёлета ў сакавіку паводле абвінавачаньня ў нелегальным фінансаваньні кампаніі выбараў на пасаду кіраўніка Гагаузіі ў 2023 годзе, у фальсыфікацыя дакумэнтаў, дэклярацыяў і справаздачаў аб фінансаваньні кампаніі, а таксама ў незаконным фінансаваньні партыі «Шор».

Яўгенія Гуцул абвінаваціла ўлады Малдовы ў палітычным перасьледзе і заклікала прэзыдэнтаў Расеі і Турэччыны дапамагчы ёй выйсьці на волю.

Кіраўніца Гагаузіі наведвала Расею і ўдзельнічала ў зьезьдзе партыі «Шор», на якім у красавіку 2024 году абвясьцілі аб стварэньні палітычнага блёку «Victorie» («Перамога») для ўдзелу ў выбарах. За гэтай палітычнай сілай стаяў зьбеглы малдаўскі алігарх Ілан Шор, чый міжнародны вышук абвешчаны ў справе аб крадзяжы мільярда даляраў з банкаўскай сыстэмы Малдовы.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму аб уступленьні Малдовы ў Эўразьвяз, якія адбыліся 3 лістапада 2024 году, малдоўскія ўлады абвінавацілі Расею і Ілана Шора, які хаваецца ад правасудзьдзя ў Расеі, ва ўмяшаньні ў выбарчы працэс напярэдадні галасаваньня, заявіўшы, што запушчаная ім схема была накіраваная на куплю 300 тысяч галасоў.

У 2024 годзе Гуцул унесьлі ў свае санкцыйныя сьпісы ЗША і Эўразьвяз. Улады ЭЗ лічаць, што яна і яшчэ некалькі гагаускіх палітыкаў дэстабілізуюць сытуацыю ў Малдове.

Гагаузія — аўтаномны рэгіён Малдовы, населены гагаузамі. Яна традыцыйна выступае за збліжэньне з Расеяй і супраць палітыкі Кішынёва ў пытаньнях інтэграцыі з ЭЗ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG