У Японскім моры расейскі і кітайскі флёты пачалі супольныя вайскова-морскія вучэньні пад назвай «Морскае ўзаемадзеяньне-2025», паведамляе агенцтва Reuters. Чакаецца, што вучэньні будуць уключаць артылерыйскія стрэльбы, практыкаваньні ў барацьбяў з падводнымі лодкамі і зэнітнымі сродкамі, а таксама ўдасканаленьне пошукава-ратавальных апэрацый у моры.
Вучэньні заплянавалі яшчэ да таго, як за два дні да іх пачатку прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп загадаў разгарнуць дзьве атамныя падводныя лодкі «ў адпаведных зонах» у адказ на заявы намесьніка старшыні Савету бясьпекі Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева аб рызыцы ядзернага канфлікту. Як адзначаецца ў дакладзе, «вучэньні былі заплянаваныя непасрэдна перад гэтымі дзеяньнямі ЗША», піша выданьне.
Вучэньні будуць працягвацца да 5 жніўня 2025 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рутэ: Кітай можа справакаваць Расею атакаваць NATO28 ліпеня прэзыдэнт ЗША заявіў, што «вельмі расчараваны» Пуціным і скароціць раней абвешчаны ім 50-дзённы тэрмін, да якога расейскі кіраўнік меў пагадзіцца на мірныя перамовы. На думку Трампа, «ён ужо ведае адказ» на свае прапановы і тое, што будзе.
Намесьнік старшыні Савету бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў пасьля заявіў, што гэтыя словы прэзыдэнта ЗША набліжаюць яго да вайны з Расеяй.
«Кожны новы ўльтыматум — гэта пагроза і крок да вайны. Не паміж Расеяй і Ўкраінай, а зь яго ўласнай краінай», — напісаў Мядзьведзеў у сацыяльнай сетцы X.
Кітай мае афіцыйны нэўтралітэт у вайне Расеі супраць Украіны і заклікае да міру. Пры гэтым Пэкін працягвае актыўныя кантакты з Масквой. Лідэры дзьвюх краін, Уладзімір Пуцін і Сі Цзіньпін, сустракаліся дзясяткі разоў і падпісалі пагадненьне аб стратэгічным партнэрстве без абмежаваньняў у лютым 2022 году, менш чым за тры тыдні да поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Кітай — найбуйнейшы гандлёвы партнэр Расеі, што дапамагае ёй пераадолець наступствы заходніх эканамічных санкцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп распарадзіўся разгарнуць дзьве атамныя падводныя лодкі ў адказ на словы Мядзведзева