Урад Літвы на сваім пасяджэньні 4 жніўня абвясьціў аб сваёй адстаўцы пасьля адпаведнай заявы прэм’ер-міністра Гінтаўтаса Палуцкаса.
Як адзначаецца на афіцыйным сайце ўраду Літвы, адстаўка ўраду адбылася паводле артыкулу 9 Закону аб урадзе, які прадугледжвае адстаўку ўраду пасьля адпаведнай заявы яго кіраўніка.
«Зь першага дня праца 19-га ўраду была сканцэнтраваная на рэальнай працы і выніках — такімі былі нашае абавязаньне і спадзевы народу Літвы. Удалося шмат зрабіць, і я ўдзячны за гэта камандзе ўраду, сацыяльным партнэрам і ўсім, з кім мы плённа працавалі разам», — сказаў Гінтаўтас Палуцкас.
Цяпер адпаведнае рашэньне паводле заканадаўства Літвы павінен падпісаць прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа. Урад пойдзе ў адстаўку ў дзень, калі дэкрэт прэзыдэнта набудзе юрыдычную моц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Літвы Палуцкас заявіў пра адстаўку пасьля абвінавачаньняў у карупцыіШто папярэднічала
Скандал вакол Палуцкаса зьвязаны з публікацыямі пра яго бізнэс і канфлікты інтарэсаў. У прыватнасьці, ідзецца пра ўгоду з кампаніяй яго братавай — Dankora.
Кампанія Dankora заснаваная ў верасьні 2024 году, а празь месяц яна падала заяўку на фінансавую падтрымку ЭЗ у праграме LEADER на праект «Разьвіцьцё інфраструктуры зарадкі электрамабіляў і суднаў у вёсцы Друкяй». У лістападзе таго ж году адзіны заснавальнік кампаніі Костас Мікалаюнас прадаў яе Віргініі Палукене, жонцы брата Гінтаўтаса Палуцкаса.
Празь некалькі месяцаў кампанія, у якой не было ні супрацоўнікаў, ні даходу, атрымала ад ЭЗ каля 173 тысяч эўра. Пасьля атрыманьня сродкаў Dankora абвясьціла аб куплі акумулятарных сыстэмаў у Garnis, кампаніі, суўладальнікам якой ёсьць прэм’ер-міністар Літвы (ён валодае 49% акцыяў). Апошняя была адзіным удзельнікам тэндэру на пастаўку акумулятараў і прапанавала цану 145 тысяч эўра.
Апроч таго, у журналісцкіх расьсьледаваньнях адзначалася, што кампанію Палуцкаса ў 2013–2017 гадах крэдытавала прадпрыемства Uni Trading, чый уласьнік меў сувязі зь беларускім алігархам Аляксеем Алексіным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне: кампанію прэм’ера Літвы крэдытавала прадпрыемства, уласьнік якой меў сувязі з «гаманцом» Лукашэнкі