Улады Менску сказалі, што за апошнія гады месцаў падтапленьня ў Менску паменшала на 50

Падтапленьне ў Менску

У ліпені Менск па анамальных дажджах чарговы раз сутыкнуўся зь лякальнымі падтапленьнямі, рух па горадзе быў месцамі паралізаваны. Улады заяўляюць, што спрабуюць вырашаць праблемы.

Пра тое, як сталічныя ўлады зьбіраюцца вырашаць праблему, расказаў намесьнік дырэктара і галоўны інжынэр «Гаррамліўнесьцёку» Аляксей Фільчанкаў. Ягоныя словы прыводзіць агенцтва «Минск-Новости».

У сталіцы функцыянуе сетка ліўневай каналізацыі працягласьцю 2125,9 км. Падземныя інжынэрныя камунікацыі правяраюць штомесяц, каб пераканацца, што яны ў добрым стане і не забітыя сьмецьцем. Штогод праводзяць унутраныя абсьледаваньні з спускам у калодзеж або з выкарыстаньнем тэлеінспэкцыі, а пасьля надзвычайных сытуацыяў — няплянавыя праверкі.

Для паскарэньня скіду вады пры падтапленьнях адмыслоўцы розных службаў часам адкрываюць дажджапрымальныя краты і люкі назіральных калодзежаў. Магутны струмень, натуральна, зацягвае ў іх паверхневае сьмецьце, а таксама пясок з вулічна-дарожнай сеткі і зямлю з траўнікаў.

Пры праектаваньні ліўневых калектараў зважаюць, каб іх дыямэтры адпавядалі плошчы вадазбору з патройным запасам. Аднак рэкордныя ападкі часам перавышаюць нават гэтыя парамэтры. Летнія дажджы часта ідуць палосамі, закранаючы толькі асобныя раёны, у той час як рэльеф Менску зь яго ўзвышшамі і нізінамі спрыяе рэгулярным падтапленьням.

У ліквідацыю наступстваў падтапленьняў залучаюць розныя гарадзкія службы згодна з плянам «Пасэйдон». Цалкам ухіліць падтапленьні мог бы дыямэтар ліўневай каналізацыі каля 6 мэтраў —амаль як тунэль мэтро. Але такі праект горад ня зможа рэалізаваць праз шчыльную забудову і разьмяшчэньне інжынэрных сетак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моцны вецер і залевы ў Менску ўплываюць на расклад транспарту і затапляюць асобныя вуліцы

Чыноўнік расказаў, што ўлады робяць, каб даць рады падтапленьням. За апошнія гады ў Менску пунктаў, дзе паўтараюцца падтапленьні, паменела з 150 да 100. У рамках праграмы паляпшэньня сытуацыі рэалізуюць некалькі буйных праектаў. Напрыклад, будуецца калектар дыямэтрам 2 мэтры да ачышчальных збудаваньняў вёскі Яркава, які дапаможа зьнізіць нагрузку на дзейныя магістралі.

Таксама ўлады заплянавалі будаўніцтва трох аварыйных выпускаў у праблемных раёнах вуліц Ванеева, Васьняцова і Пляханава. Адзін зь іх ужо на стадыі прыёму ў эксплюатацыю, два іншыя завяршаюць. Праекты аналягічных дадатковых збудаваньняў рыхтуюць для Маскоўскага і Фрунзэнскага раёнаў сталіцы, дзе інтэнсіўная забудова прыводзіць да пашырэньня асфальтавага пакрыцьця, а яно воданепранікальнае.

На стадыі праектаваньня калектарная галіна на Партызанскім праспэкце, якая мае перадухіляць падтапленьні ў праблемных зонах гэтага раёну. Найбольшую ўвагу зараз надаюць праектаваньню такіх спарудаў у комплексе «Паўночны Бераг». Раней у раёне «Менск-Мір» увялі ў эксплюатацыю магутны калектар даўжынёй звыш 3 км.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску сем гаспадарчых пабудоў змыла ў Дзьвіну