Як паведамляе інфармацыйнае агенства «Позірк», рашэньне прынятае на чарговым пасяджэньні Рэспубліканскай камісіі па правядзеньні ацэнкі сымболікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі. Заяўляецца, што ў зьмесьце ўнесеных у сьпіс кніг «устаноўлена наяўнасьць інфармацыйных паведамленьняў і матэрыялаў, распаўсюджваньне якіх здольна нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам».
Сярод уключаных у забаронены пералік — зборнік «Вось яны, а вось мы. Беларуская паэзія і вершы салідарнасьці» (складальнік Уладзімір Каркуноў). У кнізе, выдадзенай у 2021 годзе ў Расеі, сабраныя вершы сучасных беларускіх паэтаў у арыгіналах і перакладах, а таксама тэксты, якія публікаваліся на партале polutona.ru у жніўні 2020 года ў падтрымку пратэстаў у Беларусі.
Астатнія забароненыя кнігі зь Беларусьсю не зьвязаныя. У сьпіс увайшлі разнастайныя творы — ад сусьветных бэстсэлераў «Тайная гісторыя» Донны Тарт і «Невідзімкі» Чака Паланюка да вострасацыяльных «Калі мама — такс...» Марыны Осбарн і «Клюб аматарак брудных кніг» Лізі Харысан.
Раней сёлета ў студзені Мініформ ўжо забараніў раман амэрыканскага пісьменьніка Чака Паланюка «Калыханка», а таксама «ГУЛАГ» Эн Эплбаўм, «Маленькае жыцьцё», «Да самага раю» Ханьі Янагіхары ды іншыя.
Цяпер таксама забароненыя псыхалягічныя і драматычныя раманы Ру Муракамі («Тапаз», «Экстаз»), сучасныя фантастычныя і містычныя тэксты Сяргея Вераскова («У краі малочных рэк»), правакацыйныя і экспэрымэнтальныя кнігі Міхаіла Бокава («Руская готыка») і Ўладзіміра Сарокіна («Трыццатае каханьне Марыны»).
Мінінфарм адзначае, што ў выпадку выяўленьня фактаў распаўсюджваньня друкаваных выданьняў, уключаных у вышэйзгаданы сьпіс, ведамства мае права спыніць дзеяньне пасьведчаньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасьці распаўсюдніка друкаваных выданьняў.
Цяпер у Беларусі забароненая 141 кніга.
- Чак Паланюк найболей вядомы як аўтар адзначанай мноствам прэмій кнігі «Байцоўскі клюб», па якой у 1999 годзе Дэйвідам Фінчэрам быў зьняты аднайменны фільм. У 2018 годзе ў беларускай выдавецкай сэрыі «Амэрыканка» выйшаў пераклад на беларускую мову «Байцоўскага клюбу» Чака Паланюка. Твор пераклаў Сяржук Мядзьведзеў, які за гэты пераклад у 2014 годзе атрымаў прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.