«Бюро»: унук Лукашэнкі зарэгістраваў кампанію ў «аршанскім афшоры»

Аляксандар Лукашэнка з сваімі сынамі ў 2018 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Журналісты расьсьледніцкага праекту «Бюро» высьветлілі, што ўнук Аляксандра Лукашэнкі, Аляксандар Лукашэнка-малодшы, стаў сузаснавальнікам прыватнай кампаніі.

Як паведаміла выданьне, гэта першы зафіксаваны выпадак, калі нехта зь сям’і Лукашэнкі наўпрост валодае прыватным бізнэсам.

Кампанія «Сезон упакоўкі» зьявілася 2 чэрвеня 2025 году. Дваццацігадоваму Аляксандру Лукашэнку належаць 20%. Іншымі 80% валодае фірма «Марскія сезоны», якую стварыла Людміла Няронская — блізкая сяброўка Віктара і Ліліі Лукашэнкаў.

У кампаніі «Марскія сезоны» працаўладкаваны і Дзьмітры Дзятлаў — муж старэйшай унучкі Лукашэнкі Вікторыі.

«Сезон упакоўкі» будзе займацца вытворчасьцю гафрыраванага паперу і кардону, папяровай і кардоннай тары. Пры рэгістрацыі кампанія пазначыла ў якасьці юрыдычнага адрасу асаблівую эканамічную зону (АЭЗ) «Брэміна-Ворша», вядомая ў народзе як «аршанскі афшор» за рахунак вялікіх льгот і прэфэрэнцыяў, створаных указам Аляксандра Лукашэнкі.

Праз тыдзень пасьля стварэньня кампанія «Сезон упакоўкі» зьмяніла адрас рэгістрацыі і цяпер базуецца ў адміністрацыйным комплексе будынкаў у пасёлку Балбасава на тэрыторыі «Брэміна-Воршы», дзе знаходзяцца фірмы «гаманцоў» Лукашэнкі: «Брэміна груп», «Ардзіта», «Рузэкспедыцыя» і «Сцісхо».

Ці ўвайшла кампанія «Сезон упакоўкі» у склад асаблівай эканамічнай зоны, каб скарыстацца шматлікімі ільготамі, пакуль дакладна невядома, бо неўзабаве пасьля яе рэгістрацыі апэратар АЭЗ — «Брэміна груп» — нечакана схаваў раней публічны сьпіс рэзыдэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol: Структура Дзьмітрыя Лукашэнкі хоча ўвесьці рэгістрацыю IMEI-кодаў тэлефонаў