У аналізе апісваецца, як прэзыдэнцкія выбары 2020 года зьмянілі рэальнасьць тысяч беларусаў, якія сутыкнуліся з жорсткімі рэпрэсіямі. Дакумэнт прадстаўляе цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца беларусы пры легалізацыі свайго знаходжаньня ў Польшчы.
«Польскія нормы, хоць і палепшылі становішча пасьля ўвядзеньня Дэкрэта № 278, застаюцца недастатковымі для забесьпячэньня пачуцьця бясьпекі ў беларускай дыяспары. Праблемы з атрыманьнем карты побыту і польскага падарожнага дакумэнта пагаршаюць пачуцьцё няўпэўненасьці і пастаяннай нестабільнасьці». – гаворыцца ў аналізе.
У дакумэнце таксама ўзьнімаецца сытуацыя дзяцей, народжаных у Польшчы. Адсутнасьць беларускага дакумэнта, які пацьвярджае асобу, не дазваляе бацькам легалізаваць знаходжаньне дзіцяці, нагадваюць праваабаронцы.
«З прычыны рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму ў Менску становішча грамадзян Беларусі апынулася ў стане падвешанасьці. Таксама адсутнічае гарманізацыя дакумэнтаў на ўзроўні ЭЗ – кожная краіна мае свае ўнутраныя прававыя рэгуляваньні. Агульныя правілы маглі б гарантаваць празрыстасьць і стабільнасьць».
Amnesty International заклікае польскія ўлады да ўкараненьня трывалых рашэньняў, якія палепшаць становішча беларусаў у Польшчы. Гаворка пра:
• падаўжэньне тэрміну дзеяньня падарожных дакумэнтаў мінімум да 3 гадоў,
• замацаваньне спэцыяльнага мэханізму атрыманьня польскага падарожнага дакумэнта для беларусаў на заканадаўчым узроўні,
• стварэньне працэдуры атрыманьня пасьведчаньня асобы для дзяцей, народжаных у Польшчы,
• юрыдычнае замацаваньне статусу падарожнага дакумэнта як дакумэнта, што пацьвярджае асобу,
• прыняцьце дзеяньняў на ўзроўні ЭЗ для гарманізацыі эўрапейскага заканадаўства ў адказ на рэпрэсіі беларускага ўрада супраць асоб, якія вымушана эмігравалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бюро»: унук Лукашэнкі зарэгістраваў кампанію ў «аршанскім афшоры»