Кіраўнікі Азэрбайджану і Армэніі сустрэнуцца з Трампам у ЗША

Нікол Пашыньян і Ільхам Аліеў на сустрэчы ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах 10 ліпеня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 8 жніўня ў Белым доме прыме прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева і прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна.

Як паведамілі выданьні The Washington Post і Middle East Eye з спасылкай на крыніцы ў амэрыканскай адміністрацыі, Трамп мае намер стаць пасярэднікам у дасягненьні мірнага пагадненьня паміж гэтымі краінамі.

Крыніцы Middle East Eye адзначаюць, што Аліеў і Пашыньян могуць падпісаць мэмарандум з абавязаньнем імкнуцца да мірнага дагавору.

Ва ўрадзе Армэніі пацьвердзілі, што Пашыньян у Вашынгтоне 7–8 жніўня возьме ўдзел у трохбаковай сустрэчы з Трампам і Аліевым «для спрыяньня міру, працьвітаньню і эканамічнай супрацы ў рэгіёне».

Сустрэча ў Вашынгтоне стане працягам перамоўнага працэсу, які доўжыцца ўжо некалькі гадоў. У сакавіку 2025 году Баку і Ерэван паведамілі, што ўзгаднілі праект мірнага дагавору з 17 артыкулаў, якія ўключаюць узаемнае прызнаньне тэрытарыяльнай цэласнасьці, дэлімітацыю і дэмаркацыю межаў, а таксама адмову ад разьмяшчэньня сілаў трэціх краін уздоўж мяжы і адкліканьне пазоваў зь міжнародных судоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія і Азэрбайджан завяршылі працу над мірнай дамовай, але перашкоды застаюцца

У ліпені Аліеў і Пашыньян правялі чатырохгадзінныя перамовы ў Абу-Дабі — першы раўнд двухбаковага дыялёгу без пасярэднікаў. Тады бакі заявілі, што гэты фармат найбольш эфэктыўны для абмеркаваньня ўсіх пытаньняў нармалізацыі, але дамоўленасьцяў не дасягнулі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уплыў Расеі на Паўднёвым Каўказе слабее, адкрываюцца дзьверы для новых гульцоў