Як паведаміў прадстаўнік Кабінэту міністраў Украіны ў парлямэнце Тарас Мельнічук, у прыватнасьці, новы склад ураду спыніў дзеяньне пратаколу, падпісанага зь Беларусьсю 21 траўня 2004 году аб паэтапным скасаваньні выключэньняў з рэжыму вольнага гандлю.
Гэты дакумэнт быў накіраваны на тое, каб цалкам адмовіцца ад узаемных абмежаваньняў на пастаўкі прадукцыі і іншых бар’ераў, якія перашкаджалі свабоднаму перамяшчэньню тавараў і паслуг.
Паводле пратаколу, Украіна абавязвалася скасаваць абмежаваньні на пастаўку зь Беларусі маладняку буйной рагатай жывёлы (кароў, быкоў, валоў, авечак і шкур зь іх), а таксама на цукар. Беларусь абавязвалася адмовіцца ад абмежаваньняў на пастаўкі ўкраінскага цукру. Пратакол вызначаў, што бар’еры будуць скасаваныя ў два этапы — у 2005 і 2007 гадах.
Апроч таго, Украіна выйшла з чатырох дамоў СНД — аб супрацы ў выведцы і выкарыстаньні мінэральна-сыравінных рэсурсаў, аб спыненьні выкарыстаньня непраўдзівых таварных знакаў і геаграфічных назваў, аб парадку перадачы ўзораў наркатычных сродкаў і прэкурсораў, а таксама аб падтрымцы разьвіцьця вытворчай каапэрацыі.
Закон пасьля ўхваленьня Вярхоўнай Радай павінен падпісаць прэзыдэнт Украіны. Пасьля гэтага Міністэрства замежных спраў Украіны павінна праінфармаваць усе бакі аб спыненьні дзеяньня, выхадзе і дэнансацыі дакумэнтаў. Як правіла, сваю сілу такія дакумэнты страчваюць праз паўгоду пасьля атрыманьня інфармацыі аднаго боку аб выхадзе з міжнародных дагавораў.
Пасьля расейскага вайсковага ўварваньня, падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам і вайсковым кіраўніцтвам Беларусі, Украіна дэнансавала больш за 50 міжнародных дакумэнтаў, якія вызначалі супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах — выйшла зь іх або спыніла іх дзеяньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна дэнансавала пагадненьне зь Беларусьсю аб супрацоўніцтве ў галіне сувязі