100 000 000 даляраў — на такую суму Беларусь набыла сьвініны ў Расеі з студзеня па красавік, што складае амаль палову ўсяго расейскага экспарту гэтага прадукту за 4 месяцы. Цяпер Беларусь на першым месцы сярод пакупнікоў расейскай сьвініны, паведамляе Forbes.
Віетнам за гэты час набыў расейскай сьвініны на 88 мільёнаў даляраў, Кітай — на 50 мільёнаў. Кіраўнік Нацыянальнай мясной асацыяцыі Расеі Сяргей Юшын патлумачыў такі аб’ём паставак у Беларусь «эпізаатычнай сытуацыяй», маўляў, жывёлы ў Беларусі хварэюць. І прывёў прыклад — раней Беларусь пастаўляла ў Расею да 60 000 тонаў сьвініны за год. Зь ягоных словаў, цяпер Беларусь закупляе ў Расеі сьвініну «для патрэбаў масавай перапрацоўкі». То бок для далейшага прыгатаваньня вырабаў зь яе.
А што было зь сьвінінаю раней
З статыстыкі вынікае, што Беларусь і раней набывала ў Расеі сьвініну, аднак аб’ёмы былі значна меншыя. Да таго ж і беларуская сьвініна ішла на экспарт у Расею.
Вось так раней выглядалі продажы гэтага прадукту ў Расею:
- 2017 год – 6038 тонаў на 13,6 мільёна даляраў,
- 2018 год – 6842 тоны на 18,5 мільёна даляраў,
- 2019 год – 1166 тонаў на 3 мільёны даляраў,
- 2020 год – 2168 тонаў на 4 мільёны даляраў,
- 2021 год – 1615 тонаў на 3,1 мільёна даляраў.
Як бачым, экспарт беларускай сьвініны ў Расею з 2018 году пачаў рэзка зьніжацца. Пасьля 2021 году Беларусь афіцыйна не публікуе статыстыку экспарту.
А вось так выглядала статыстыка закупаў расейскай сьвініны ў Беларусь:
- 2017 год – 5152 тоны на 12,1 мільёна даляраў,
- 2018 год – 7943 тоны на 18,7 мільёна даляраў,
- 2019 год – 21 465 тонаў на 48,8 мільёна даляраў,
- 2020 год – 21 715 тонаў на 45,9 мільёна даляраў,
- 2021 год – 26 892 тоны на 70,8 мільёна даляраў.
Як бачым, закупы расейскай сьвініны за 5 гадоў вырасьлі больш чым у 5 разоў, калі лічыць аб’ёмы паставак. Аднак сёлетні год можа стаць рэкордам, бо толькі за 4 месяцы гэтага прадукту набылі на 100 мільёнаў даляраў.
У онлайн-сэрвісе «Едастаўка» расейскай сьвініны ў сьвежым выглядзе пакуль няма, уся — беларускай вытворчасьці.
Ці будзе дэфіцыт сьвініны
У Беларусі цягам некалькі гадоў адбываецца падзеж сельскагаспадарчай жывёлы. З 2020 году сьвіней паменела на 853 000, або на траціну. Таму ўлады хочуць унікнуць дэфіцыту, як гэта было з бульбай увесну, каб мяса ня зьнікла з крамаў. Пра гэта кажа эканамістка Аліса Рыжычэнка.
«Праблема ў падзяжы жывёлы цягам некалькіх гадоў, гэтая праблема не вырашаецца. Каб не сутыкнуцца з дэфіцытам увосень ці ўзімку, улады, магчыма, закупляюць яе ў Расеі, каб было што прадаваць у крамах», — гаворыць суразмоўца.
Закуп сьвініны за мяжой можа паўплываць на канчатковы цэньнік у крамах, дадае Аліса Рыжычэнка.
«У Расеі прадукт закупляюць за расейскія рублі, якія даражэюць адносна беларускага, гэта адлюстроўваецца на канчатковым цэньніку. А інфляцыя ў Расеі вышэйшая, чым у Беларусі, яна расьце хутчэйшымі тэмпамі, там цэны не кантралююць. Што да дэфіцыту ці недахопу, ня думаю, што ён будзе», — мяркуе суразмоўца.
«Беларускія калгасы менш эфэктыўныя»
Беларусь можа адпраўляць у Расею неперапрацаваную сьвініну і там перапрацоўваць, а пасьля закупляць назад, мяркуе аўтар праекту «Кошт ураду» Ўладзімер Кавалкін. Гэта можа адбывацца праз рэгуляваньне цэнаў, якое ўвяло кіраўніцтва Беларусі.
«У Расею можа выяжджаць сьвініна ў выглядзе галоваў і вяртацца перапрацаваная з нацэнкай, бо ў Беларусі неперапрацаваную сьвініну прадаваць нявыгадна — праз цэны, рэгуляваньне. Да таго ж беларускія калгасы могуць быць менш эфэктыўнымі, бо ў Расеі стварыліся вялікія аграпрамысловыя групы, ім прасьцей зьніжаць выдаткі на закуп тавараў, патрэбных для гадоўлі. Праблема тут комплексная: эфэктыўнасьць, рэгуляваньне цэнаў, падзеж жывёлы», — гаворыць Уладзімер Кавалкін.
Для таго, каб вырашыць гэтую сытуацыю, трэба правесьці прыватызацыю ў сельскай гаспадарцы, зрабіць яе рынкавай, дадае суразмоўца.
Аліса Рыжычэнка мяркуе, што вырашыць праблемы ў сельскай гаспадарцы можна толькі шляхам структурных рэформаў. Стварыць прыватныя сельскія гаспадаркі, дзе фэрмэры былі б зацікаўленыя ў разьвіцьці свайго бізнэсу.
«У Беларусі больш за 90% гаспадарак належаць дзяржаве. У чыноўнікаў няма матывацыі працаваць эфэктыўна, бо кіраваньне адбываецца праз дырэктывы ўлады, ім трэба выконваць паказьнікі на паперы. Для жывёлы няма нармальных лекаў з Эўропы, яе кепска глядзяць. Матывацыя адна — „мы вас пасадзім, калі што“. А такая матывацыя спрыяе толькі фальсыфікацыі дадзеных чыноўнікамі», — кажа эканамістка.
Пры гэтым быць пасьпяховай гаспадаркай у Беларусі нявыгадна, бо тады дзяржава далучае да такой гаспадаркі суседнія стратныя.
«Далучаць нейкую стратную гаспадарку, якая пацягне пасьпяховую на дно. Маўляў, тут ты справіўся — і там здолееш. Варыянты два: ці то ты карупцыянэр і цябе трэба пасадзіць, як у цябе пасьпяховая арганізацыя, ці то выцягнуў адну гаспадарку, выцягнеш і другую», — мяркуе суразмоўца.
Доля стратных арганізацыяў без уліку дзяржаўнай падтрымкі ў сельскай гаспадарцы — 51,4%.
Форум