Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Доктар у кішэні»: беларусы распрацавалі бясплатную аплікацыю Doctorina


Аплікацыя Doctorina
Аплікацыя Doctorina

Беларусы распрацавалі мабільны мэдычны дапаможнік Doctorina, які можа кансультаваць у пытаньнях здароўя, у тым ліку па-беларуску. Цяпер ён даступны для iOS і для Android. Адзін з каманды — доктар Станіслаў Салавей, ён выконвае ў гэтым праекце ролю дасьледніка.

Свабода расказвае пра Doctorina — як працуе аплікацыя і чым яна можа дапамагчы.

Што такое Doctorina?

Doctorina — гэта чат-бот, які працуе 24/7 і імкнецца стаць «лекарам у тваёй кішэні».

Інвэстар і натхняльнік праекту — Юры Мельнічак, былая дырэктарка супольнасьці пацыентаў Дар’я Царык — СЕО праекту.

Ідэя ўзьнікла як адказ на глябальную праблему: каля мільярда чалавек жывуць бяз базавага доступу да мэдычнай дапамогі. Пры гэтым многія зь іх маюць смартфоны і доступ да інтэрнэту — і для іх Doctorina можа стаць паратункам.

«Калі ў Судане, Гаіці або М’янме людзі ня могуць трапіць да лекара або калі беларус, які нядаўна пераехаў, ня мае грошай ці часу на мэдычны прыём, Doctorina дае магчымасьць атрымаць адказ тут і цяпер», — тлумачыць Салавей.

Ён таксама ўзгадвае Ўкраіну, дзе ракеты б’юць па шпіталях, а чалавеку патрэбная мэдычная падтрымка нават у самых цяжкіх умовах.

Doctorina адказвае на той мове, на якой да яе зьвяртаюцца, у тым ліку і па-беларуску.

Як гэта працуе?

Пасьля рэгістрацыі карыстальнік апісвае сваю праблему тэкстам. Сыстэма пачынае «прыём» — задае пытаньні, удакладняе сымптомы, аналізуе дадзеныя і выдае рэкамэндацыі. Можна загрузіць аналізы або фота мэдычных дакумэнтаў.

Станіслаў Салавей падкрэсьлівае, што аплікацыя ня проста адказвае на пытаньні, як Chat GPT ці іншая вялікая моўная мадэль, яна сама задае правільныя пытаньні, як гэта робіць сапраўдны лекар. Гэта ключавое адрозьненьне аплікацыі, бо 70% дыягназаў ставіцца на падставе размовы з пацыентам.

«Аналіз, адарваны ад клінічнай гісторыі, — гэта проста цікавая паперка, — кажа Станіслаў Салавей. — Калі ў чалавека іпахондрыя, то праз Google ці Chat GPT ён дыягнастуе сабе і саркому, і лімфому, і нават хваробу Пэджэта, а Doctorina — аналяг клінічнага мысьленьня, яна працуе як лекар».

Што зь бясьпекай?

Зьвесткі карыстальнікаў захоўваюцца надзейна. «Функцыянал абавязвае нас выконваць заканадаўства ў абароне пэрсанальных зьвестак (напрыклад, GDPR і HIPAA). Мы прайшлі праверку на Apple, што было вельмі складана, а значыць, зьвесткі захоўваюцца ў бясьпецы», — кажа Салавей. Але калі карыстальнік турбуецца, то можа ананімізаваць сябе, выдаліць імя, прозьвішча, дату нараджэньня з дакумэнту і проста напісаць: «Мне 32 гады, вось мой вынік аналізаў — што гэта можа быць?»

Такая магчымасьць можа асабліва дапамагчы ў пытаньнях сэксуальнага і рэпрадукцыйнага здароўя, бо ў многіх краінах гэтая тэма ўсё яшчэ табу. Падлеткі часта ня маюць каму задаць далікатнае пытаньне, а ісьці да лекараў саромеюцца. Менавіта тут штучны інтэлект можа адыграць ключавую ролю — ён не стамляецца і дае дакладныя адказы 24/7.

ШІ-лекар пераўзыдзе біялягічнага?

Мэдычная справа — адна з самых зарэгуляваных у сьвеце. «Тэхналёгія апярэджвае законы», — кажа доктар, параўноўваючы сытуацыю з рэгуляваньнем крыптавалютаў. Хоць цяпер чат-бот лічыцца «інфармацыйным прадуктам», распрацоўнікі імкнуцца да таго, каб ён атрымаў паўнавартасную мэдычную ліцэнзію ў нейкай краіне.

Патэнцыял штучнага інтэлекту ў мэдыцыне значна вышэйшы за магчымасьці чалавека, лічыць доктар Салавей, бо ШІ не стамляецца, не забывае інфармацыю і можа апрацоўваць велізарныя аб’ёмы зьвестак. Станіслаў Салавей верыць, што празь некалькі гадоў ШІ-лекар будзе перасягаць жывога лекара якасьцю прыняцьця рашэньняў.

Але цяпер Doctorina — гэта не замена лекару. Яна працуе як першы кантакт, можа параіць зьвярнуцца з пэўным наборам сымптомаў да лекара ці патлумачыць, што адбываецца з чалавекам. «Для мільярдаў людзей альтэрнатывы проста няма», — кажа доктар.

Цяпер прадукт працуе паводле мадэлі freemium (бясплатнае выкарыстаньне з магчымасьцю падтрымаць праект). «У нас моцная гуманістычныя місія, і мы ня можам абмежаваць доступ да асноўных функцыяў людзям з краін зь нізкім узроўнем жыцьця», — кажа доктар.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG