Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стартап Perplexity, заснаваны беларусам, другі раз абвінавацілі у зборы зьвестак карыстальнікаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кампанія Cloudflare абвінаваціла Perplexity у абыходзе забаронаў на збор зьвестак.

Паводле сьвежага дасьледаваньня воблачнай кампаніі Cloudflare, якое пераказвае devby.io, боты Perplexity ігнаруюць тэхнічныя абмежаваньні, усталяваныя ў файле robots.txt, і працягваюць вымаць і капіяваць зьмесьціва дзясяткаў тысяч дамэнаў, робячы мільёны запытаў штодня.

Cloudflare сьцьвярджае, што Perplexity зьмяняе назвы сваіх ботаў у полі User-Agent і выкарыстоўвае аўтаномныя сыстэмы для абыходу блякаваньняў, напрыклад, імітацыю сеткавага аглядальніка Google Chrome на macOS.

Кампанія выявіла гэта пасьля скаргаў кліентаў, якія ўнесьлі правілы ў robots.txt і ўсталявалі дадатковыя блякаваньні для вядомых ботаў Perplexity. У выніку Cloudflare выключыла ботаў Perplexity з свайго афіцыйнага сьпісу давераных пошукавых робатаў і ўкараніла дадатковыя мэханізмы іх блякаваньня.

У Perplexity назвалі допіс Cloudflare маркетынгавым ходам і сказалі, што яе скрыншоты не пацьвярджаюць факту доступу да зьвестак. Там дадалі, што згаданы ў справаздачы бот не належыць стартапу. Cloudflare настойвае на дакладнасьці сваёй інфармацыі.

Раней Cloudflare ўжо выступала з крытыкай агрэсіўнага збору зьвестак з вэб-рэсурсаў ШІ-кампаніямі, а кіраўнік Cloudflare Мэт’ю Прынс заяўляў, што масавы збор зьвестак падрывае эканоміку інтэрнэту, асабліва для навінавых выданьняў. Кампанія выпусьціла дармовы інструмэнт абароны ад капіяваньня зьмесьціва для навучаньня мадэляў і запусьціла гандлёвую плятформу, якая дазваляе ўладальнікам сайтаў браць плату з распрацоўнікаў ШІ за доступ да зьвестак.

Гэта ня першае абвінавачаньне на адрас Perplexity. Летась некаторыя выданьні, у тым ліку Wired, абвінавачвалі стартап у публікацыі іхных матэрыялаў без належнага пазначэньня крыніцы.

Што такое Perplexity?

Ініцыятыва Perplexity — прадукт, створаны з удзелам ураджэнца Гомля Дзяніса Ярца. Беларус больш за 10 гадоў жыве ў ЗША, за гэты час папрацаваў у Microsoft, Quora і Facebook/Meta. На радзіме Ярац скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, а затым стаў доктарам філязофіі ва ўнівэрсытэце Нью-Ёрку. Ва ўнівэрсытэце якраз займаўся праблематыкай штучнага інтэлекту.

Стартап зьявіўся ў 2022 годзе ў амэрыканскім Сан-Францыска. Яго разам зь беларусам заснавалі ягоныя кампаньёны — Аравінд Шрынівас, Эндзі Канвінскі і Джоні Го. У 2023-м праект манэтызавалі праз падпіскі карыстальнікаў.

Perplexity AI — пошукавая сыстэма і чат-бот на базе штучнага інтэлекту, які выкарыстоўвае перадавыя тэхналёгіі для адказаў на запыты ў рэжыме рэальнага часу. Да канца 2024 году Perplexity AI атрымліваў прыкладна 15 мільёнаў пошукавых запытаў на дзень, іх колькасьць пастаянна расла. Ужо ў пачатку 2024 году стартап стаў так званым «адзінарогам» — яго ацанілі ў 1 млн даляраў. А цягам году ягоная цана вырасла да 9 мільярдаў.

Летась кампанія LinkedIn назвала стартап першым у ЗША ў 2024 годзе. Пакуль няясна, як паўплываюць скандалы вакол збору зьвестак на працу кампаніі і яе кошт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG