Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык раскапаў радавод Алеся Пушкіна. Ягоны прашчур — Аляксей Пушка


Алесь Пушкін ля адной са сваіх карцін
Алесь Пушкін ля адной са сваіх карцін

Гісторык, спэцыяліст у генэалёгіі Юры Снапкоўскі знайшоў дэталі радаводу Алеся Пушкіна. Пасьля вывучэньня архіўных дакумэнтаў яму ўдалося пашырыць радавод Пушкіных яшчэ на два пакаленьні.

Цяпер самы раньні вядомы продак мастака — яго прапрапрадзед Аляксей Пушка, селянін мястэчка Бабра, уніят, які, заўдавеўшы, у красавіку 1821 г. пабраўся шлюбам з каталічкай Альжбетай Урублеўскай (прапрапрабабуляй мастака), таксама ўдавой і таксама з Бабра, піша Юры Снапкоўскі.

«Менавіта ў такой форме — Пушка — прозьвішча існавала першапачаткова, а ў форме „Пушкін“ замацавалася ўжо за прадзедам мастака (Дамэнтам). Гэта быў род прыгонных сялян, што пасьлядоўна належалі ўладальнікам маёнтку Бабра — Агінскім, Ваньковічам, Тышкевічам».

З шляхоцкім родам Пушкіных з суседняга Лепельскага павету, зацьверджаным Сэнатам у расейскім дваранстве, ён наўрад ці меў штосьці агульнае, акрамя аднолькавага прозьвішча, мяркуе спэцыяліст у генэалёгіі. «Як і продкі многіх сучасных беларусаў, продкі Алеся Пушкіна пасьля скасаваньня ўніяцкай царквы ў Беларусі (1839 г.) „аўтаматычна“ сталі праваслаўнымі, а пасьля скасаваньня прыгоннага права (1861 г.) — і вольнымі сялянамі».

Сам Алесь Пушкін пісаў, што прынамсі пяць пакаленьняў Пушкіных паходзяць зь мястэчка Бобр.

  • Алесь Пушкін (6 жніўня 1965 – 11 ліпеня 2023) — беларускі жывапісец-нонканфарміст, тэатральны мастак, пэрформэр, арт-куратар, сябра Беларускага саюзу мастакоў, палітычны вязень. Вядомы многімі мастацкімі пэрформансамі, скіраванымі супраць уладаў Беларусі.
  • 26 сакавіка 2021 году Генэральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу супраць Алеся Пушкіна за тое, што на выставе ў горадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця дэманстраваўся партрэт антысавецкага падпольніка Аўгена Жыхара аўтарства мастака. 30 сакавіка 2022 году Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі за «рэабілітацыю нацызму».
  • Алесь Пушкін памёр у турэмным шпіталі ў ноч на 11 ліпеня 2023 году. Ягонае сэрца спынілася падчас апэрацыі. Пазьней стала вядома, што ў турме ў Пушкіна разьвіўся пэрытаніт. Незалежныя крыніцы ў СМІ адзначалі, што сьмерць наступіла празь неаказаньне мэдычнай дапамогі ў турме.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG