Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына ўпершыню перакінула ў Польшчу пяць сваіх зьнішчальнікаў


Зьнішчальнік Eurofighter EF-2000 Typhoon вайскова-паветраных сілаў Нямеччыны. Архіўнае фота
Зьнішчальнік Eurofighter EF-2000 Typhoon вайскова-паветраных сілаў Нямеччыны. Архіўнае фота

Самалёты пачынаюць інспэктаваць паветраную прастору Польшчы 5 жніўня.

Камандаваньне Польскага войска паведаміла аб разьмяшчэньні пад Варшавай пяці зьнішчальнікаў вайскова-паветраных сілаў Нямеччыны.

«У рамках умацаваньня калектыўнай абароны NATO пяць зьнішчальнікаў Eurofighter EF-2000 Typhoon ВПС Нямеччыны будуць разьмешчаны на 23-й тактычнай авіябазе ў Міньску-Мазавецкім бліжэйшымі тыднямі. Самалёты будуць падтрымліваць апэрацыі аховы паветранай прасторы на ўсходнім флянгу Альянсу. Гэта яшчэ адзін прыклад супрацы хаўрусьнікаў і рэальнага ўключэньня ў запэўненьне бясьпекі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Згодна з інфармацыяй нямецкага агенцтва DPA, зьнішчальнікі пачнуць інспэктаваць паветраную прастору на межах Польшчы 5 жніўня. Місія будзе працягвацца амаль месяц. У гэты час у Польшчы таксама будуць разьмешчаныя амаль 200 нямецкіх вайскоўцаў.

Агенцтва адзначыла, што гэтыя захады робяцца падчас нарастаньня пагрозаў бясьпецы Польшчы з боку Расеі.

Перад супольнымі з Расеяй вайсковымі вучэньнямі «Захад-2025» у Беларусі краіны NATO узмацнілі ахову паветранай прасторы краін Балтыі і Польшчы.

Летась у кастрычніку міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін вучэньні «Захад-2025» назваў «галоўнай падзеяй», у манэўры плянуецца залучыць больш за 13 тысяч чалавек.

Сёлета ў чэрвені Віктар Хрэнін паведаміў аб рашэньні зьнізіць колькасьць удзельнікаў беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025», а самыя вучэньні перанесьці ўглыб беларускай тэрыторыі. Але пазьней начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка заявіў, што папярэдняе рашэньне перасунуць раёны правядзеньня вучэньняў «Захад-2025» могуць перагледзець.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG