Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея прыгразіла разьмясьціць у Эўропе ракеты сярэдняй і малой далёкасьці


Загрузка ракетнага комплексу «Іскандэр», архіўнае фота
Загрузка ракетнага комплексу «Іскандэр», архіўнае фота

Міністэрства замежных справаў Расеі заявіла, што краіна больш ня лічыць сябе зьвязанай аднабаковым мараторыем на разьмяшчэньне ракетаў сярэдняй і меншай далёкасьці.

Гэтае рашэньне было прынятае ў адказ на, як сьцьвярджаецца, падрыхтоўку ЗША і краінамі Захаду інфраструктуры для аналягічнага ўзбраеньня.

У афіцыйным прэс-рэлізе МЗС РФ гаворыцца пра «зьнікненьне ўмоваў для захаваньня аднабаковага мараторыю».

Да 2019 году разьмяшчэньне ракетаў сярэдняй і меншай далёкасьці было абмежаванае дамовай паміж СССР і ЗША, якая дзейнічала з 1988 году.

У 2019 годзе ЗША паведамілі пра выхад з гэтай дамовы, заявіўшы, што адна з ракет для комплексаў «Іскандэр» парушае ягоныя ўмовы. Тады Масква ўвяла аднабаковы мараторый, паабяцаўшы не разьмяшчаць свае ракеты ў рэгіёнах, дзе гэта ня будзе рабіць NATO.

Сёлета 10 ліпеня на саміце NATO ў Вашынгтоне было абвешчана, што ЗША пачнуць разьмяшчаць у Нямеччыне дальнабойныя ўдарныя сыстэмы, у тым ліку гіпэргукавую зброю, у 2026 годзе.

У адказ на гэтыя пляны прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін пры канцы ліпеня заявіў, што Масква будзе лічыць сябе свабоднай ад мараторыю, калі ЗША разьмесьцяць у Нямеччыне высокадакладныя ракетныя комплексы.

Ракеты сярэдняй і меншай далёкасьці — гэта балістычныя і крылатыя ракеты наземнага базаваньня, здольныя пераадольваць адлегласьць ад 500 да 5500 кілямэтраў і, як правіла, несьці ядзерны зарад. Узаемнае разгортваньне падобных ракетаў фактычна паўтарыла б сытуацыю пачатку 1980-х гадоў, калі ў Нямеччыне былі разьмешчаныя амэрыканскія ракеты «Пэршынг», а СССР, у сваю чаргу, пагражаў Заходняй Эўропе сваімі ракетамі сярэдняй далёкасьці, адзначае «Настоящее время».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG