«Калі цэны на энэрганосьбіты ўпадуць дастаткова моцна, Пуцін спыніць забіваць людзей. Калі энэрганосьбіты патаньнеюць яшчэ на 10 даляраў за барэль, у яго проста не застанецца выбару, таму што яго эканоміка ў жудасным стане», — сказаў Трамп у эфіры CNBC News.
У рамках энэргетычнага ціску на Маскву Трамп таксама паведаміў, што на працягу сутак значна павысіць пошліны для Індыі, бо краіна працягвае закупляць расейскую нафту і ўвядзе 35-працэнтныя пошліны для ЭЗ, калі Брусэль не выканае абавязацельствы па інвэстыцыях у амэрыканскую эканоміку.
5 жніўня кошт кастрычніцкіх ф’ючэрсаў на нафту Brent на лёнданскай біржы ICE апусьціўся ніжэй за 68 даляраў за барэль. Гэта мінімальны ўзровень за тыдзень. Падзеньне коштаў зьвязана з рашэньнем OPEC + павялічыць здабычу ў верасьні.
Апроч іншага 8 жніўня заканчваецца ўльтыматум Трампа, у якім ён запатрабаваў ад Расіі спыненьня агню. Прэзыдэнт ЗША раней папярэдзіў, што ў выпадку невыкананьня патрабаваньняў Вашынгтон увядзе супраць Масквы санкцыі.
Паводле інфармацыі Reuters, Уладзімір Пуцін, хоць і не адказвае наўпрост на патрабаваньні Трампа, усьведамляе рызыкі пагаршэньня адносін з Вашынгтонам, але лічыць ваенныя мэты прыярытэтнымі.
Форум