5 жніўня Генпракуратура Літвы паведаміла, што дрон, які заляцеў зь Беларусі, праляцеў над Вільняй і ўпаў на палігоне за сто кілямэтраў ад мяжы, меў 2 кг выбуховага зараду, перадае LRT.
Дрон заляцеў на досьвітку 28 ліпеня, а знайшлі яго 1 жніўня.
Паводле пракуратуры, гэта можа быць бесьпелётнік тыпу «Гербера» — аналягічны таму, што заляцеў у Літву зь Беларусі 10 ліпеня.
Зарад мог быць запраграмаваны як пастка — з адкладзенай дэтанацыяй. А 2 кг — дастаткова для таго, каб забіць чалавека, — сказаў LRT Арунас Кумпіс, які ваяваў ва Ўкраіне.
Але гэтым разам, верагодна, пры падзеньні дэтанатар зламаўся, таму выбуху не было.
Што папярэднічала
- 28 ліпеня раніцай у Літву заляцеў неапазнаны дрон зь Беларусі. Яго заўважылі над Вільняй.
- Паліцыя разаслала жыхарам Вільні sms-папярэджаньні з парадай пры выяўленьні бесьпілётніка трымацца ад яго далей і паведаміць на нумар тэрміновых службаў 112.
- Дрон змаглі знайсьці толькі на пяты дзень пасьля інцыдэнту. Ён быў на вайсковым палігоне ў Гайжунах, Ёнаўскі раён.
- Праз інцыдэнт з дронам у Літве ўзмацнілі ахову неба. Таксама былі абвешчаныя пляны ўмацаваць мяжу і набыць новыя сродкі для выяўленьня бесьпілётнікаў і барацьбы зь імі.
- Бюро крымінальнай паліцыі Літвы расьсьледуе інцыдэнт як ваеннае злачынства.
- 1 жніўня Міністэрства замежных спраў Літвы выклікала прадстаўніка беларускай амбасады і ўручыла яму ноту, у якой выказала рашучы пратэст у сувязі з уварваньнем бесьпілётнага лятальнага апарата зь Беларусі ў паветраную прастору Літвы.
- Першы інцыдэнт зь бесьпілётнікам быў 10 ліпеня. Расейскі дрон «Гербера», які імітуе «Шахед» упаў у Літве за кілямэтар ад беларускай мяжы. Выбухоўкі ў ім не было.
Форум